A R C H E П а ч а т а к № 5 (45) - 2006
Пачатак  Цалкам Форум


5-2006
" да Зьместу "

 



поствыбары • крытыка • эсэістыка • аналітыка • палеміка • літаратура

 


палеміка

   

У афармленьні першай старонкі вокладкі выкарыстаны здымак Андрэя Лянкевіча. Дызайн Ягора Шумскага.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Пётра Рудкоўскі
Сіла і слабасьць «двайной прапіскі»


«У канфлікце і шляхам канфлікту нараджаецца пэўная форма кансэнсусу», – цытуе ў сваім артыкуле «Прыгоды двайной прапіскі ў ансамблі дылемаў» Янаў Палескі выказваньне францускага мысьляра П’ера Бурд’ё. Гэтую, без сумневу канструктыўную зацемку варта, аднак, трохі мадыфікаваць: у канфлікце і шляхам канфлікту можа нарадзіцца пэўная форма кансэнсусу. Устаўка мадальнага дзеяслова тут важная, бо канфлікт можа быць таксама пусты і безвыніковы альбо нават дэструктыўны. А тое, ці паўстане якісь кансэнсус у працэсе «канфліктаваньня», залежыць перадусім ад таго, наколькі «чытэльнай» будзе пазыцыя бакоў, што канфліктуюць (=дыскутуюць).

Нішто так не перашкаджае паўставаньню кансэнсусу, як сэмантычныя фальсыфікацыі, якія палягаюць у падмене значэньняў ужываных у ходзе дыскусіі словаў і тэрмінаў. Гэтыя фальсыфікацыі ня мусяць чыніцца сьвядома і ня мусіць стаяць за імі злая воля (хоць магчымы і такія выпадкі). Часьцяком за «фальсыфікацыі» адказны аб’ект, а не суб’ект дыскусіі! Справа ў тым, што такія «аб’екты», як ідэнтычнасьць, дэмакратыя, салідарнасьць, культурны дыялёг, права, дабро заўжды явяцца як «вадкія» рэчывы: яны ўвесь час цякуць, расьцякаюцца, пераліваюцца адно ў адно, мяшаюцца адно з адным. Магчыма, маючы наўвеце такія «аб’екты», Мішэль дэ Мантэнь сказаў калісьці: «Шукаць праўду – гэта ўсё роўна, што імкнуцца ваду заціснуць у кулаку». Таму, імкнучыся дасягнуць «кансэнсус шляхам канфлікту», згодна з інтэнцыяй Бурд’ё і Палескага, будзем асабліва ўважлівыя на небясьпеку розных магчымых «сэмантычных фальсыфікацыяў».

* * *

Тэкст Палескага «Прыгоды...» буду інтэрпрэтаваць праз прызму дзьвюх ягоных тэзаў, выказаных у артыкуле на belintelleсtuals «Цяжар гістарычнай творчасьці»:

1. «Лічу, што зьмены ў Беларусі могуць адбыцца, калі нам удасца цягам адносна кароткага прамежку часу сфармаваць нацыю»;

2. «Няма неабходнасьці вышукваць якія-кольвечы агульныя крытэры дзеля выяўленьня геному «беларускасьці» – нацыя павінна быць зроблена не на аснове чагосьці супольнага, усім уласьцівага, а наадварот – сканструявана з сукупнасьці адрозьненьняў».

Хоць «Цяжар...» напісаны храналягічна пазьней, чым «Прыгоды...», дапускаю, што пералічаныя тэзы (1), (2) вызнаваліся Палескім таксама ў часе напісаньня першага тэксту, таму могуць быць выкарыстаны для яго інтэрпрэтацыі. А ў гэтым тэксьце маю намер узяць пад разгляд катэгорыі strong sovereignty (SS) i weak sovereignty (WS) і канструктывісцкую канцэпцыю ідэнтычнасьці, а затым запрапанаваць супастаўленьне гэтых ідэяў з маёй ідэяй «саборнасьці».

1

Палескі адзначае наяўнасьць не аднаго, а некалькіх нацыянальных праектаў і выдзяляе ў якасьці рэпрэзэнтатыўных «афіцыёзны» і альтэрнатыўны яму праект КХП БНФ. Чаму тут абрана менавіта ідэалёгія КХП БНФ, а не, скажам, праграма Мілінкевіча ці ідэалёгія якой-кольвек партыі з дэмакратычнай кааліцыі, невядома. Рэканструяваньне «альтэрнатыўнага» праекту на базе ідэйнага букету кааліцыі было б тым больш апраўданая, што яна зьяўляецца больш рэальнай сілай на палітычнай сцэне Беларусі, чым КХП БНФ.

Узяўшы пад разгляд «афіцыёзную» (выпадак І) і правакансэрватыўную ідэалёгію (выпадак ІІ), Палескі заўважае ў абодвух выпадках адзін і той жа «фантазм» – «Масква». У першым выпадку ён явіцца як рэпрэзэнтант радыкальнага культурна-палітычнага недахопу, у другім выпадку – лішку. Абедзьве ідэалёгіі Палескі называе «ізаляцыянісцкімі», а іх галоўным складнікам ёсьць устаноўка на SS.

Калі абмінуць праблему рэпрэзэнтатыўнасьці ідэалёгіі хрысьціянскіх кансэрватараў, то трэба прызнаць, што оптыка Палескага мае сваю вартасьць. Катэгорыя «моцнай сувэрэннасьці» няблага апісвае як галоўны мэсыдж белдзяржыдэалёгіі, так і ідэалёгіі КХП БНФ. Аднак выясьняльная вартасьць Палескавай мадэлі ўсё ж абмежаваная. Яна ігнаруе наяўнасьць даволі глыбокай асымэтрыі паміж разуменьнем і абгрунтаваньнем SS у выпадку І і выпадку ІІ. У выпадку белдзяржыдэалёгіі «моц» беларускага сувэрэнітэту засноўваецца ў канчатковым пляне на вернасьці Лідэру, герархізацыі грамадзтва і татальным кантролі над сацыяльна-палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі працэсамі. Нават «фантазм Масквы» мае тут хутчэй інструмэнтальнае, чым асноватворнае значэньне. Лукашэнка не будуе моцную вэртыкаль для таго, каб зрабіць больш эфэктыўнай інтэграцыю з Расеяй, а наадварот, ажыцьцяўляе інтэграцыю з Расеяй, каб магчы будаваць моцную вэртыкаль. Чаму лягчэй ажыцьцяўляць аўтарытарнае кіраваньне пры дапамозе Расеі, а не Эўропы, думаю, нікому ня трэба тлумачыць.

У выпадку КХП БНФ «моц» беларускага сувэрэнітэту засноўваецца на гістарычнай памяці. Ідэалізаваныя вобразы ВКЛ, БНР і адраджэньня пачатку 1990-х, драматургічны спосаб апавяданьня беларускай гісторыі і візія культурна ўніфікаванай Беларусі ў будучым – вось фундамэнты беларускага сувэрэнітэту ў правакансэрватыўным выданьні. Канечне ж, можна тут зрабіць спробу штучна «ўпадобніць» выпадак ІІ да выпадку І, заявіўшы, што пад нацыянальнай мэтафізыкай КХП БНФ хаваецца славутая «прага ўлады» альбо што, з другога боку, афіцыёзная ідэалёгія таксама месьціць у сабе свае ідэалізаваныя вобразы мінуўшчыны (зазвычай савецкай), таксама культывуе драматургічны спосаб апавяданьня гісторыі і таксама мае сваю ўласную візію ўніфікацыі беларускага грамадзтва. Думаю ўсё ж, што такая спроба будзе занадта штучная і непераканаўчая. Тлумачэньне ўсяго пры дапамозе катэгорыі «прага ўлады» вельмі ўжо нагадвае ня дужа высакародную звычку прыхільнікаў Лукашэнкі тлумачыць усякія дзеяньні апазыцыі пры дапамозе катэгорыі «заходніх грошай».

Таксама ў аспэкце «ізаляцыянізму» КХП БНФ адрозьніваецца ад паноўнага рэжыму. У гэтым другім выпадку правільней было б гаварыць пра «сэміізаляцыянізм», бо Беларусь тут явіцца не як востраў, а хутчэй як паўвостраў, які разам з расейскім мацерыком утварае арганічнае цэлае. КХП БНФ прадугледжвае іншыя крытэры і іншыя прынцыпы адмежаваньня. Гэта праўда, што тэндэнцыя да ізаляцыі ад «Масквы» ў гэтым выпадку лёгка прасочваецца (яскравы сындром «лішку»), але яна мае ўсё ж такі ўмоўны характар. Ізаляцыя ад «Масквы» абумоўлена пэўнай інтэрпрэтацыяй расейскай рэчаіснасьці, а менавіта, прыпісваньнем Расеі «імпэрскай» сутнасьці. Ува ўяўленьні беларускіх кансэрватараў «Масква» нібы адпачатна «запраграмавана», каб паглынаць сваіх суседзяў (беларусаў, украінцаў, літоўцаў). Але станься Расея нармальнай дзяржавай, і яна перастае быць «дэманам». Праблема, аднак, у тым, што нацыянал-кансэрватары насамрэч не прадугледжваюць іншага спосабу дэімпэрыялізацыі Расеі, як толькі шляхам яе распаду.

Што тычыцца заходняй пэрспэктывы, то тут кансэрватары явяцца ня столькі як «ізалятары», колькі як памяркоўныя эўраскептыкі. Яны прызнаюць вагу эўрапейскай інтэграцыі, але заклікаюць тут да крайняй асьцярожнасьці. Лібэралізм з космапалітычным адценьнем, які так моцна прыжыўся ў заходнеэўрапейскай культуры, ня дужа даспадобы носьбітам міту пра спрадвечную веліч беларускага народу. Аднак гэта не вынікуе яўленьня Беларусі як вострава альбо нават паўвострава, бо правыя кансэрватары моцна акцэнтуюць неабходнасьць блізка-лякальнай, усходнесярэднеэўрапейскай інтэграцыі (ідэя Балтыйска-Чарнаморскага Зьвязу).

2

Незалежна ад таго, наколькі трапным ці нятрапным ёсьць апісаньне Палескім двух альтэрнатыўных нацыянальных праектаў пры дапамозе катэгорыі SS, вартай увагі застаецца яго ідэя «слабой сувэрэннасьці» (WS), якая характарызуецца гэткім чынам: «Дзяржаўны сувэрэнітэт, у выніку, разглядаецца як адпачатна стыгматызаваны дэфіцытам, які не патрабуе дапаўненьня за кошт элемэнтаў накшталт «Масквы». На базе гэтай характарыстыкі можна меркаваць, што WS азначае паслабленьне альбо нават зьняцьце ідэалягічных і культурных «фільтраў», якія абмяжоўваюць свабодную цыркуляцыю ўнутры Беларусі розных ідэяў і дыскурсаў. У той час, як устаноўка на «моцную сувэрэннасьць» азначала б «арыштоўваньне» такой ідэі, якая пагражае «моцы» і «цэльнасьці» дзяржавы-нацыі, «слабая сувэрэннасьць» была б настроена на інтэграваньне гэтай ідэі ўва ўнівэрсум дыскурсаў, што ўжо функцыянуюць у дадзенай прасторы.

Пры гэтым трохі зьдзіўляе, аднак, наступная выснова Палескага: «Няцяжка заўважыць, што ў такой пэрспэктыве сама нацыянальная ідэя губляе сваё выключнае становішча і займае сваё месца сярод іншых ідэяў». Гэтая выснова нейк дзіўна суадносіцца з тэзай (1). Фармаваньне нацыі, на якое Палескі ўскладае надзеі, – гэта ўсё ж такі ўсёабдымны працэс. А цяпер: як гэты ўсёабдымны працэс будзе магчымы, калі нацыянальная ідэя зводзіцца да ролі адной з? Гэта значыць, што альбо існуюць спосабы фармаваньня нацыі без нацыянальнай ідэі, альбо само фармаваньне нацыі мусіць мець «прыватны» характар. Другое зусім не карэспандуе з мэсыджам тэзы (1), а першае патрабавала б дадатковых тлумачэньняў, бо ідэя фармаваньня нацыі без нацыянальнай ідэі занадта «нечаканая».

Як ні дзіўна, але ідэя WS Палескага больш кагерэнтная з Дыньковай канцэпцыяй нацыі, чым з вышэйпрыведзенай высновай самога Палескага. Маю на ўвазе погляд Андрэя Дынька, выкладзены ім падчас он-лайн-канфэрэнцыі на «Свабодзе», што адбылася 31 студзеня гэтага году:

Што беларусы розныя – у тым ліку расейскага, украінскага, польскага, габрэйскага ці от я ведаю пару беларусаў габрэйскага паходжаньня – выдатна. Гэта сьведчыць аб прывабнасьці беларускае культуры і дынаміцы нацыятварэньня. Важна, каб яны, набываючы беларускую тоеснасьць, умацоўвалі і сваю паралельную ідэнтычнасьць, сваю польскасьць, бэрбэрскасьць і г. д. (...) Я веру, што Беларусь для нармальнага разьвіцьця патрабуе палітычнага плюралізму, грамадзянскіх свабодаў і свабоды для беларускай мовы і культуры.

У зьвязку з гэтым можна паспрабаваць выправіць выснову Палескага і заявіць, што пэрспэктыва WS азначае не дэградацыю нацыянальнай ідэі да ролі адной з, а нешта іншае. Азначае папросту, што разам з «сувэрэннасьцю» і сама ідэя паддаецца «паслабленьню», застаючыся пры гэтым вярхоўнай. А «паслабленьне» ў гэтым выпадку азначала б дапушчэньне яе розных вэрсіяў і афармленьняў. Мадыфікацыя нацыдэі можа адбывацца водле моўнага прызнаку (беларускамоўная, расейскамоўная, білінгвістычная вэрсіі), паводле аксіялёгіі, спосабу апавяданьня гісторыі, культурніцкіх канцэпцыяў, канцэпцыі суадносінаў дзяржавы і нацыі і інш. Вэрсіі нацыдэі могуць розьніцца таксама водле ступені акцэнтаваньня паасобных яе аспэктаў: для адных сутнасны можа быць моўны аспэкт, для іншых – гістарычны ці аксіялягічны і г. д.

«Паслабленая нацыянальная ідэя» выконвала б, такім чынам, такую ж функцыю, якую ў многіх сучасных эпістэмалёгіях выконвае «праўда». Усе пагаджаюцца, што ня ведаюць праўды, але адначасна прызнаюць вартасьць праўды як рэгулятарнай ідэі. Ідэя аб’ектыўнае праўды накіроўвае інтэлектуальныя пошукі і дазваляе стасаваць працэдуры «праўдаўпадабненьня». Аналягічную функцыю (функцыю рэгулятарнай ідэі) можа выконваць і нацыянальная ідэя.

Аднак, якая-кольвек спроба інтранізацыі нацыянальнай ідэі, хай сабе і ў паслабленай вэрсіі, выклікае даволі энэргічны пратэст з боку прыхільнікаў лібэральнага космапалітызму (хай будзе дазволена гэтак умоўна акрэсьліць пазыцыю інтэлектуалаў, якія прэзэнтуюць Ru-супольнасьць), аналягічна як «праўда» выклікае пратэст з боку постмадэрністаў.

Мы змагаемся зь белым тэрорам праўды (...), бо насамрэч жа ня ведаем, што такое праўда і ніколі ведаць ня будзем. Ведаем толькі тое, што гэта зброя параноі ўлады, ілюзія таталізаванай цэльнасьці ў прасторы словаў, вяртаньне тэрору, – пісаў у векапомным «Condition postmoderne» Ж.-Ф. Ліятар.

Абодва гэтыя пратэсты маюць такую ж самую прыроду: бунт супраць «праўды» постмадэрністаў і бунт супраць «нацыянальнай ідэі» як нацыязлучальнага фактару космалібэралаў мае хутчэй эмацыйны характар, чым рацыянальны. Тым часам «тэрор праўды» ня больш пагрозьлівы, чым «тэрор рэлятывізму», а «тэрор нацыянальнай ідэі» ня больш страшны, чым «тэрор космапалітызму».

Эмацыйны крытыцызм постмадэрнізму, магчыма, меў сваю вартасьць, але яго патэнцыял, здаецца, ужо вычарпаўся. Некаторыя кажуць пра надыход пост-постмадэрнізму, хоць такое акрэсьленьне занадта няўцямнае, каб магчы ім апэратыўна карыстацца. Магчыма, актуальную інтэлектуальную атмасфэру трэба назваць «сынтэтычным мадэрнізмам». Гэта атмасфэра «супакаеньня», якая дазваляе праяўляцца як энэргіі «старога» мадэрнізму (Вялікага Авангарду і вялікага рацыяналістычнага праекту першай пал. ХХ ст.), так і энэргіі эры контрамастацтва і контрафілязофіі другой пал. ХХ ст. Такім чынам, інтэлектуальны condition пасьля-постмадэрну (што мы назвалі сынтэтычным мадэрнізмам) пазначаны ўзаемапраніканьнем дзьвюх свабодаў: свабоды будаваньня рацыянальнага сьвету (дамэну «старога» мадэрнізму) і свабоды дэканструкцыі гэтае будовы (дамэну постмадэрнізму). У эры «сынтэтычнага мадэрнізму» няма ўжо фанатычнай веры ў Розум і Навуку, але няма таксама – з другога боку – той жарсьці, зь якой некаторыя выкрывалі «таталітарную сутнасьць» праўды і ўстаноўленага на праўду розуму. Сёньняшнія экс-постмадэрністы практыкуюць «дэканструкцыю» хутчэй як адзін з магчымых мэтадаў гермэнэўтыкі, а не – як у Дэрыды – як «усё і нішто» ўсяе філязофіі.

Што значыць, што патэнцыял постмадэрнізму «вычарпаўся»? Гэта ня значыць, што трэба цяпер цалкам адкінуць усе вакабулярыі і інтэрпрэтацыйныя звароты, выпрацаваныя мысьлярамі генэрацыі постмадэрністаў, а значыць толькі тое, што будаваньне грамадзка-палітычных канцэпцыяў выключна з постмадэрнісцкай «сыравіны» (без папярэдняй апрацоўкі) зьяўляецца малапрадуктыўным заняткам. Філязафічная постмадэрна 1980-х гг. – гэта эра сэмантычных гульняў і... сэмантычных фальсыфікацыяў! Варта зазначыць, што ўсякія гульні, а нават фальсыфікацыі могуць мець эўрыстычную вартасьць, г. зн. могуць стымуляваць да новых адкрыцьцяў і новых, арыгінальных спосабаў сьветаапісаньня, але дрэнна, калі хтосьці пачынае ўспрымаць іх як адпаведны (часам як адзіны!) кантэкст інтэрпрэтацыі грамадзка-палітычнай рэчаіснасьці.

3

Ігнаруючы небясьпеку пасьпешлівай генэралізацыі, зацемім, што прадстаўнікі Ru-супольнасьці ў сваёй практыцы дэканструяваньня ды дэградаваньня нацыянальнай ідэі папросту бескрытычна пераймаюць практыку колішніх постмадэрністаў у дэканструяваньні праўды. Гэтак, як постмадэрністы стасавалі пры гэтым міт пра «таталітарны характар» «лёгацэнтрычнага» (моцнага) розуму, так беларускія лібэральныя космапаліты дэканструююць нацыянальную ідэю пры дапамозе раўнаньня: «нацыянальнае = таталітарнае» альбо (каб было больш арыгінальна) «нацыянальнае = паталягічнае». Як тыя, так і гэтыя робяць гэта бязладна, таму нялёгка прасачыць іх аргумэнтацыйную лінію, а калі сустракаюцца са спробай праясьніць і літаралізаваць стасаваныя імі тэрміны і паняцьці, закідаюць крытыкам, што гэтыя апошнія «надалей застаюцца вязьнямі лёгацэнтрычнага мысьленьня» (так казалі постмадэрністы 1980-х гг.) альбо што «недаацэньваюць ролю мэтафараў у сучаснай гуманітарнай ведзе» (так кажуць сёньняшнія лібэральныя космапаліты ў Беларусі).

Калі ўжо можна характарызаваць тыпы мысьленьня пры дапамозе «інтэлектуальнага гадзіньніка», то інтэлектуалаў – прадстаўнікоў Ru-супольнасьці (хоць, магчыма, ня ўсіх), трэба аднесьці да 1980-х гг. эўрапейскае думкі. Жангляваньне паняткамі, узятымі з постмадэрнісцкага слоўніка, магчыма, дае ім суб’ектыўнае адчуваньне «прагрэсіўнасьці», большай інтэлектуальнай прасунутасьці ў стасунку да «нацыябудаўнікоў», якія чамусьці асацыююцца імі з рамантызмам ХІХ ст. Тым часам самі лібэральныя космапаліты не заўважаюць, што апэруюць занадта спрошчанай мадэльлю кантэкстуалізацыі нацыянальнай ідэі. Ім здаецца, што калі для ідэі І знойдзена кантэкстуалізацыя К, то гэта раз і назаўсёды раскрывае «сутнасьць» гэтай ідэі. Так ёсьць і ў выпадку нацыянальнай ідэі: рамантызм ХІХ ст. утварае для яе адзіную магчымую кантэкстуалізацыю (так найчасьцей вынікае з разважаньняў расейскіх інтэлектуалаў). Часам, спрабуючы «даакрэсьліць» сутнасьць нацыянальнага пачуцьця, яны згадваюць пра Сараева ці польска-ўкраінскія войны ў 1940-х гг., не задаючыся пытаньнем, якога тыпу гэта былі нацыяналізмы.

Але калі прымем больш крытычную і лепш распрацаваную мадэль кантэкстуалізацыі, згодна зь якой: І → К-1 V К-2 V К-3 ... V К-п (паасобная ідэя можа мець некалькі кантэкстуалізацыяў), то адкрыюцца перад намі дадатковыя магчымасьці: нацыянальная ідэя можа фармавацца ня толькі на подзе рамантызму ХІХ ст., але гэтаксама добра на подзе постмадэрнізму, як і рамантызму або нават сярэднявечнага манархізму. Кантэкстуалізацыяй нацыянальнай ідэі можа быць і кансэрватызм, і лібэралізм, можа быць камунізм і фашызм, можа быць – урэшце – постмадэрнізм і «сынтэтычны мадэрнізм». Магчыма, Сьвятлана Алексіевіч і мае рацыю, кажучы, што «мы – запозьненая нацыя», але тут трэба адзначыць, што гэта запозьненасьць спрычынена не прывязанасьцю да нацыянальнай ідэі і не культывацыяй нацыянальнага дыскурсу, а хутчэй нізкім узроўнем гэтага дыскурсу, аналягічна як нельга ўскладаць адказнасьць за запозьненасьць на наяўнасьць лібэральна-космапалітычнага дыскурсу, а, магчыма, на яго нізкі ўзровень.

Заганай беларускіх космапалітаў ёсьць ня іхны космапалітызм ці расейскамоўе (быць космапалітамі і гаварыць па-расейску застаецца іх неад’емным правам), а тое, што яны занадта хутка паверылі ў аб’ектыўную вышэйшасьць іхнай інтэлектуальнай опцыі ў стасунку да опцыі нацыянальных праектантаў. Расейскамоўныя інтэлектуалы пачалі выкрываць (трапна ці нятрапна) эсэнцыялізм ды халізм у беларускамоўных, самі застаючыся пры гэтым эсэнцыялістамі, халістамі і гістарыцыстамі ў мэтадалягічным пляне. У іх разважаньнях адчуваецца «сырасьць» постмадэрнізму 1980-х гг., які ў многім ужо дэзактуалізаваўся. Іранічны скепсіс, які лёгка заўважаецца ў словазлучэньнях тыпу «паталёгія нацыянальнага пачуцьця», альбо тэза-загадка тыпу «нацыя (...) мае быць сканструявана з адрозьненьняў» сьведчыаажна жывуць духам неперапрацаванага, «сырога» постмадэрнізму, кормяцца счарсьцьвелым і сьцьвілым хлебам эўрапейскай філязофіі 1980-х гг. і гэтай ня дужа якаснай ежай хочуць карміць беларускія эліты.

Аднак, гэтаксама, як філязафічны постмадэрнізм 1980-х гг. можа стацца добрым матэрыялам для перапрацоўкі, так і разважаньні яго рэпрэзэнтантаў у сёньняшняй Беларусі могуць стацца добрым філязафічным топасам для беларускай філязофіі. Таму прыгледзьмася пільней да характарыстыкі «трэцяе сілы» Палескага.

4

Палескі заяўляе, што «трэцяя сіла», апазыцыйная як да дыскурсу беларускамоўных інтэлектулаў, так і ў стасунку да дзяржыдэалёгіі «ў большай ступені будзе апэляваць да «салідарнасьці» – у супрацьвагу адзінству – у чым большай ступені яе прадстаўнікі прытрымліваюцца гэтак званай канструктывісцкай мадэлі ідэнтычнасьці альбо наадварот – наагул ніяк не турбуюцца гэтай ідэнтычнасьцю». Далей Палескі прапануе рэвізію радыкальнай прапановы Ролза, зьместам якой ёсьць адмова ад якіх-кольвечы ўяўленьняў пра асобу і, грунтуючыся на разважаньннях Рычарда Рорці, заяўляе:

Асоба (personhood) – гэта канглямэрат перакананьняў і жаданьняў (некаторыя зь іх канструююцца грамадзтвам, паколькі асоба не ізаляваная ад яго), але і гэта прынцыповы момант – безь якога-любя пакладзенага ў яе аснову ядра (няма ніякага субстрату па той бок атрыбутаў), за кошт якога можна было б абгрунтаваць агульную сыстэму вераваньняў і перакананьняў. Іншымі словамі, не існуе аніякай (калектыўнай) ідэнтычнасьці.

Такім чынам, «салідарнасьць» «трэцяй сілы» грунтуецца на перакананьні, што не існуе аніякай (калектыўнай) ідэнтычнасьці. Такая пастаноўка справы здаецца быць сугучная з маёй прапановай, выкладзенай у артыкуле «Ад ідэнтычнасьці да саборнасьці». Калі прызнаем у якасьці вярхоўнай каштоўнасьць свабоды, то мусім усур’ёз перагледзець розныя магчымыя дыскурсы ідэнтычнасьці. Устаноўка на тоеснасьць (асабліва на «моцную тоеснасьць») можа стацца блякадай у пабудове адкрытага і салідарнага грамадзтва. Бо салідарнасьць – гэта ня што іншае, як здольнасьць увесь час «пашыраць» межы ўзаемадапамогі і ўзаемападтрымкі. А дыскурс тоеснасьці зазвычай зьмяшчае ў сабе стратэгіі выключэньня па-за абсяг нашай салідарнасьці ўсіх тых, хто ня ўпісваецца ў зададзеную намі тоеснасьць.

Падаецца, што ў гэтым пункце я і Палескі выразілі – хоць па-рознаму – адну і тую ж ідэю. Але ў ходзе разьвіваньня гэтай ідэі пачынаем ужо рэальна разыходзіцца. Калі вышэйсказанае Палескім зынтэрпрэтуем пры дапамозе тэзы (2) («нацыя павінна быць зроблена не на аснове чагосьці супольнага, усім уласьцівага, а наадварот – сканструявана з сукупнасьці адрозьненьняў»), то заўважым праблематычнасьць Палескавага канструктывізму. Справа ў тым, што «адрозьненьне», гэтаксама як і «падобнасьць», ёсьць рэляцыйным паняткам. «Адрозьненьні» не існуюць per se, ёсьць толькі адрозьненьні з увагі на нешта. Нацыю немагчыма сканструяваць з адрозьненьняў, гэтаксама як немагчыма ўстаць і зьвярнуцца да групы людзей: таварышы, давайце будзем адрозьнівацца! Катэгорыю «адрозьненьняў» Палескі трактуе амаль гэтаксама, як артадаксальныя постмадэрністы трактавалі катэгорыю «рознасьці» (différance), г. зн. як мэтафізычны прынцып. Праблема, аднак, у тым, што субстантывізаваныя «рознасьць» і «адрозьненьні» нічога, апрача ўражаньня загадкавасьці, не даюць. «Адрозьненьні», як і «рознасьць» – безьзьмястоўныя самі па сабе паняткі, яны набываюць сэнс толькі ў адпаведным кантэксьце: з увагі на што розныя, у якім аспэкце адрозьніваемся? Ну, а нават калі хтось і складзе каталёг аспэктаў, у якіх мы адрозьніваемся (або: павінны адрозьнівацца), то тады паўстане пытаньне: а чаму дзеля пабудовы нацыі мы павінны адрозьнівацца менавіта ў аспэкце Х, У, Z, а не, скажам, L, M, N? Абгрунтоўваньне гэтага патрабавала б альбо спасылкі на ўжо дасягнуты кансэнсус, альбо прынамсі пастуляваньне такога кансэнсусу. А ў абодвух выпадках гэта азначала б увядзеньне катэгорыі агульнасьці (нацыянальнай ідэі?), якое космалібэралы так старанна пазьбягаюць.

5

Містыка рознасьці наўрад ці ўратуе сытуацыю. У такім выпадку прапаную яшчэ раз прыгледзецца да ідэі саборнасьці, якая зьявілася ў мяне ў выніку дэканструкцыі тоеснасьці. Дзеля праясьненьня гэтай ідэі выкарыстаю два дадатковыя гермэнэўтычныя кантэксты – багаслоўскі і эпістэмалягічны. У першым выпадку саборнасьць значыць няспыннае набліжэньне да Бога. Але – «Бога ніхто ніколі ня бачыў», і таму кожны можа мець сваё ўласнае ўяўленьне пра Бога. «Сваё ўласнае ўяўленьне» можа стацца разьядноўвальным фактарам і вынікаваць бясконцыя расколы і множаньне сэктаў. Можна, аднак, правесьці апэрацыю рэлятывізацыі свайго ўласнага ўяўленьня, г. зн. мэнтальна аддзяліць сваё ўяўленьне пра Бога ад Бога-ў-сабе. Затым можна прызнаць, што кожнае з нашых уяўленьняў пра Бога па-свойму набліжае нас да Яго і тым самым «зьбірае» нас, «набліжае» адзін да аднаго.

Падобны «мэханізм» задзейнічаны і ў выпадку сучаснай эпістэмалёгіі, калі яна пастулюе «праўду» як рэгулятарную ідэю (а не як канчатковую і поўную веду), аб чым была гаворка вышэй. Такі ж самы «мэханізм» можна запусьціць і ў выпадку «нацыятварэньня». Можам зыходзіць з таго, што ніхто з нас «ня бачыў» нацыянальнай ідэі. Але яе існаваньне як рэгулятарнай ідэі мае нацыязлучальнае значэньне. Усякія спробы артыкуляваць яе («наблізіцца» да гэтай ідэі) будуць нас набліжаць адзін да аднаго. Гэтае пэрманэнтнае ўзаеманабліжэньне дзякуючы сумеснаму руху ў кірунку трансцэндэнтнай нацыянальнай ідэі можа адбывацца таксама шляхам «канфлікту», пра які гаворыць Палескі, але не абавязкова. «Канфлікт», гэтаксама як і «рознасьць», трэба вызваліць ад згаданых сэмантычных фальсыфікацыяў і прызнаць, што гэта могуць быць усяго толькі моманты, прычым драматычныя моманты, зь якімі варта пагадзіцца ў імя прынцыпу «бо такое жыцьцё», а не ператвараць яго ў магічны сродак будаваньня кансэнсусу. Для таго, каб канфлікт закончыўся якім-небудзь кансэнсусам, павінен суправаджацца моцнай воляй яго пераадоленьня. А такое пераадоленьне будзе, хутчэй за ўсё, немагчымым, калі ня будзе трансцэндэнтнай ідэі, якая надасьць сэнс нашаму кансэнсусу.

Існаваньне нацыянальнай ідэі, «якой ніхто ніколі ня бачыў», зробіць магчымым паўставаньне «прамежкавых», часовых кансэнсусаў, такіх, якія будуць рэлятывізаваны да пэўнага гістарычнага моманту. Сёньня можа паўстаць вэрсія Х кансэнсусу наконт нацыянальнай ідэі, заўтра – вэрсія У. Але сьвядомасьць таго, што ніякі кансэнсус ня можа быць дагматызаваны і абсалютызаваны, зробіць таксама прастору для «дыссэнсу»: крытычнай ацэнкі гэтага кансэнсусу і магчымасьці высоўваньня якойсьці новай, магчыма, лепшай яго вэрсіі.

Сёньня паўставаньне кансэнсусу наконт нацыянальнай ідэі ў значнай ступені прадыктавана воляй свабоды ад аўтарытарызму, але ў нейкі бліжэй невядомы час, калі наступіць дэмакратызацыя, сёньняшні кансэнсус можа дэзактуалізавацца, але ў выніку новых спробаў новага «набліжэньня» да нацыянальнай ідэі паўстане якісь новы кансэнсус, які будзе прадыктаваны, да прыкладу, ідэяй беларусізацыі, альбо ідэяй глябалізацыі, альбо нейкім спалучэньнем аднаго і другога ці нечым іншым. «Нацыянальная ідэя» – гэта свайго роду пункт Щ, які «прыцягвае» і «кансалідуе», не зьнішчаючы адрозьненьняў.

Прапанова «саборнай нацыянальнай ідэі» прадугледжвае такасама – як бы жудасна гэта ні гучала – «мэханізмы дыскрымінацыі». Але гэта зусім не звычайны тып «дыскрымінацыі». Мы прывыклі да таго, што моцны дыскрымінуе слабога, а той, хто мае ўладу, дыскрымінуе таго, хто яе ня мае і г. д. Вось жа «саборная нацыянальная ідэя» дапускае дыскрымінацыю толькі такіх вэрсіяў нацыянальнай ідэі, якія парушаюць «прынцып трансцэндэнцыі». Прынцып трансцэндэнцыі парушае сёньняшняя дзяржаўная ідэалёгія, якая ня толькі абсалютызуе саму сябе, але і блякуе эмансыпацыю якіх-кольвечы альтэрнатыўных вэрсіяў нацыянальнай ідэі.

Калі гаворым пра «дыскрымінацыю» ў такім даволі нетыповым кантэксьце, то мусім лепш растлумачыць яго ідэю. Вядома ж, справа тут не ідзецца пра нейкія сілавыя мэханізмы маргіналізацыі занадта «прэтэнцыёзнага» дыскурсу, але пра мэтадычную і салідарную дэмаскацыю і кантэстацыю такога дыскурсу. Заганнасьць афіцыйнага дыскурсу палягае не ў яго зьмесьце (бо ў аспэкце зьместу ён мае права на існаваньне ў беларускай прасторы як адзін з магчымых выражальнікаў нацыянальнай ідэі), а ў парушэньні прынцыпу трансцэндэнцыі нацыянальнай ідэі, яе прыватызацыі і самаабсалютызацыі.

Такая ідэя «дыскрымінацыі» можа падацца трохі наіўнай ці занадта ідэалістычнай. Але насамрэч яна мае практычнае значэньне. Справа ў тым, што, па-першае, абаронцы «абсалютнага дыскурсу», на самай справе, ня ўсёмагутныя. Нарастаньне крытыцызму да ўладнага дыскурсу прадказвае яго капітуляцыю ў далёкай ці блізкай пэрспэктыве. Так было ў 1980-х у выпадку савецка-камуністычнай ідэалёгіі.

Па-другое, ідэя «дыскрымінацыі» мае на мэце паказаць, што ў дачыненьні да «абсалютнага дыскурсу» інакш дзейнічае прынцып талеранцыі. Вельмі часта ворагі прынцыпаў дэмакратыі і плюралізму любяць спасылацца на гэтыя прынцыпы, калі хтосьці іх востра скрытыкуе ці здэмаскуе. Чаму я не магу быць фашыстам, калі ў нас – плюралізм і кожны мае права вызнаваць свае погляды? Мы нярэдка паддаёмся такой аргумэнтацыі, але гэта бярэцца з пэўнай фундамэнтальнай памылкі, з чарговай «сэмантычнай фальсыфікацыі». Справа ў тым, што «дэмакратыя», «плюралізм», «талеранцыя» ня маюць самастойнага існаваньня, іхнае быцьцё мае вытворны характар, яно грунтуецца на сьвядомых актах паасобных людзей. Такім чынам, абсяг дэмакратыі ці талеранцыі заканчваецца там, дзе заканчваецца сьвядомая падтрымка гэтых ідэяў. Таму прынцып дэмакратычнага плюралізму не распасьціраецца на фашыстаў, не павінен таксама распасьцірацца на камуністаў сталінскага гарту і не павінен распасьцірацца на апалягетаў таталітарнага дыскурсу (якой ёсьць дыскурс беларускай прапаганды).

* * *

«Прапіска» можа быць двайной, трайной ці нават чацьвярной. Гэта не перашкодзіць канструяваньню нацыі і будаваньню дому, пра што кажа Палескі. Перашкодзіць гэтаму можа толькі «двайная мараль», няшчырасьць да самога сябе і да іншых, непразрыстасьць у сваіх пазыцыях і непасьлядоўнасьць у паводзінах. Зьняцьце такіх перашкодаў і ёсьць першай і галоўнай умовай нацыябудаваньня.

Другая ўмова – паразумецца наконт статусу «супольнага». Гаворка не ідзецца пра супольны зьмест нацыянальнага дыскурсу (бо гэта немагчыма і непатрэбна), а пра саму ідэю супольнасьці. Думаю, што расейскамоўныя (якія выяўляюць часьцей лібэральна-космапалітычную арыентацыю) мусяць зьняць табу на агульнасьць, зразумець, што ня кожны, хто прадугледжвае якуюсь вэрсію агульнага дабра, прапагуе несправядлівую дыскрымінацыю ці мае нячыстыя намеры здабыць выключную дамінацыю ў грамадзтве. Але беларускамоўныя (часьцяком кансэрватыўна-нацыянальнай або лібэральна-нацыянальнай арыентацыі) мусяць рэлятывізаваць свае вэрсіі агульнага дабра і прызнаць прынцып трансцэндэнцыі нацыянальнай ідэі.

Трэцяя ўмова – прызнаць дынаміку і адкрытасьць нацыянальнага праекту. Ужо сёньня можам назіраць некаторыя зьявы, якія могуць мадыфікаваць нашы нацыянальныя праекты. Напрыклад, у выніку падзеяў на Кастрычніцкай плошчы з вуснаў расейскамоўных стала чуваць: «Эххх, Россия, теперь ты наш враг, однозначно». З другога боку, многія беларускамоўныя маглі стацца сьведкамі таго, як некаторыя расейцы салідарна змагаліся за свабоду разам зь імі. Нацыянальны дыскурс павінен «увабіраць» у сябе тое novum, якім будзе ўвесь час пазначана беларуская рэчаіснасьць. Ён павінен таксама валодаць добра распрацаванымі інтэрпрэтацыйнымі тропамі, дзякуючы якім, напрыклад, аўтарка цытаванага выказваньня зможа зынтэрпрэтаваць свае эмоцыі, якія выявіліся ў звароце «Расея – вораг». Калі яна натрапіць на такі нацыянальны дыскурс, які будзе зьмяшчаць інтэрпрэтацыйны троп кшталту: Расея – наш адвечны вораг, то яе «нацыянальны характар» пачне фармавацца на базе русафобіі, а гэта хутчэй толькі перашкодзіць нацыябудаваньню (то бок, паўставаньню кансэнсусу). Найлепей, калі нацыянальны дыскурс дапаможа ёй адрозьніць Расею ад актуальнай улады ў Расеі і зразумець, што гэтая ўлада, а не Расея, як такая, нясе адказнасьць за падтрымку брутальнай несправядлівасьці ў Беларусі.

* * *

Застацца самім сабой (г. зн. тоесным) ёсьць вялікай вартасьцю. Але застацца самім сабой можна толькі ў атмасфэры свабоды. Існуе асаблівы від несвабоды, які палягае ў тым, што чалавек зьяўляецца зьняволены жаданьнем абмяжоўваць іншых. Каб акцэптаваць існаваньне побач розных поглядаў і візіяў грамадзкага ладу, патрэбна ўнутраная свабода, вызваленьне ад заганнага жаданьня навязваць іншым сваю волю. А гэтую праблему – унутранай свабоды – ня вырашаць ніякія дыскурсы. Кожны сам для сябе павінен яе вырашыць.

   
Пачатак  Цалкам Форум

№ 5 (45) - 2006

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2006 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2006/07/14